Урачыстае адкрыццё выставы "Натхненне ў бронзе"

Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова "Культура і мастацтва" перадала ў дар Барысаўскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя І.Х. Каладзеева больш за паўсотні мастацкіх фатаграфій работ беларускага савецкага скульптара, народнага мастака БССР, прафесара, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР Анатоля Анікейчыка.

Яны ляглі ў аснову праекта — выставы "Натхненне ў бронзе", якая прысвечана творчасці знакамітага барысаўчаніна. Падтрымку праекту аказаў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Аляксандр Шыпула.

Акрамя фатаграфій, у экспазіцыі прадстаўлены фотадакументы, кнігі і ілюстрацыі з фондаў краязнаўчага цэнтра бібліятэкі, якія расказваюць пра жыццёвы і творчы шлях таленавітага земляка. Таксама наведвальнікі могуць убачыць твор Міколы Рыжага «Народны мастак Беларусі А. Анікейчык» з мастацкай калекцыі цэнтральнай бібліятэкі і паглядзець відэафільмы, прысвечаныя скульптару.

Выстава ўрачыста адкрылася 20 студзеня. У мерапрыемстве ўдзельнічалі дырэктар РВУ "Культура і мастацтва" Наталля Кузняцова, парламентарый Аляксандр Шыпула, кіраўніцтва і работнікі бібліятэкі. Сярод запрошаных ганаровых гасцей былі прадстаўнікі мясцовай заканадаўчай і выканаўчай улады, устаноў культуры і адукацыі, грамадскіх арганізацый раёна, Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі, двойчы лаўрэат прэміі "За духоўнае адраджэнне", уладальнік медаля Францыска Скарыны, лаўрэат прэміі Беларускага саюза літаратурна-мастацкіх крытыкаў, мастацтвазнаўца, мастацкі крытык, пісьменнік і публіцыст, сябар Анатоля Анікейчыка Барыс Крэпак, дачка скульптара Вольга Анікейчык і іншыя.

Святлана ЧЭКАЛАВА

Фота Уладзіміра ШЛАПАКА